РУ БЕ EN

История и традиции

1921 г. - створана першая прыватная школа ў Масалянах

1936 г. - урачыстае адкрыццё пачатковай школы, пабудаванай з фундацыі пана Біспінга

1944 г. - узнаўленне вучобы ў школе

1946 г. - школа становіцца сямігодкай

1951 г. - узведзены другі будынак школы (яшчэ 4 класныя пакоі)

1954 г. - першы выпуск сярэдняй школы

1959 г. - пачатак будаўніцтва галоўнага корпуса і спартыўнай залы сіламі саміх вучняў па ініцыятыве дырэктара школы У.В.Хомчыка

1961 г. - пачатак заняткаў у галоўным корпусе школы

Вёска Масаляны, што ў Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці, хутчэй за ўсё займела сваю назву ад князёў Масальскіх, якім у 15 – 16 стагоддзях належалі гэтыя землі. Пазней гаспадарамі Масалян былі некалькі пакаленняў графскага роду Біспінгаў, буйных землеўладальнікаў, пераўтваральнікаў, дэмакратаў (адзін з іх прымаў удзел у паўстанні 1863 года).
Вядома, што першая прыватная школа ў Масалянах была створана ў 1921 годзе іменна дзякуючы Яну Біспінгу, што меў ці то 11, ці то 12 дзяцей, разам з якімі займаліся ў прыстасаваным памяшканні пры панскім бровары і дзеці сялян (каля 30 чалавек) з усёй ваколіцы. І хоць заняткі ішлі ў дзве змены, цесна было і дзеткам, і настаўніку Рачыцкаму Баляславу, выпускніку Віленскай гімназіі, пакуль нарэшце пан Біспінг не дабіўся адкрыцця ў в. Пяскі (знаходзіцца побач з Масалянамі) чатырохкласнай дзяржаўнай школы, якая тулілася пачаргова ў найбольш прасторных хатах вяскоўцаў. Займаліся ў дзве змены, па-ранейшаму надта даймала цесната, бо якая сялянская хата, нават самая прасторная, магла змясціць 80 школьнікаў! Таму па ініцыятыве Яна Біспінга распачалося будаўніцтва школы ў жывапісным месцы пад назвай Альшына пры гасцінцы, дзе неўтаймоўная крынічка дае пачатак бойкаму гаманліваму ручайку, з абодвух бакоў абароненаму ад спякоты  алешнікам.
Восенню 1936 года на  ўрачыстае адкрыццё школы сабраўся народ з усёй аколіцы. З прэфектам прыбыў пан Біспінг, настаўнік Ігнатовіч на возе прывёз фізгармонію і арганіста. Адбыўся ўрачысты канцэрт, прэфект школу пасвенціў, прыбіў на сцяне крыжык і дзякаваў пану за шчодры дар: зямлю, школу, дом для настаўнікаў на дзве паловы і сад з агародам. Заняткі ў школе пачаліся на польскай мове, аднак па просьбе сялян было дазволена вывучэнне беларускай. Але ўжо ў 1939 годзе вучні зноў не могуць змясціцца ў будынку новай школы і заняткі праводзяцца яшчэ і ў доме свяшчэнніка ў в. Масаляны. З прыходам новай улады выкладанне прадметаў вядзецца на беларускай мове, і з таго часу мова навучання не мяняецца ні разу.
Школа становіцца культурным цэнтрам акругі: тут ствараецца і працуе драматычны гурток, мацнеюць харавы і музычны  калектывы. У школе з аднолькавым захапленнем займаюцца мастацкай самадзейнасцю не толькі вучні, але і дарослыя.
У гады вайны школа не працавала: немцы тут арганізавалі зборны пункт для адпраўкі моладзі ў Германію, некаторы час  было яўрэйскае гета. Дырэктар школы Скрыпнік паспявае схаваць падручнікі ў суседняй вёсцы Кубельнікі ў доме Марцінчыкаў. Яны як нельга болей будуць запатрабаваны восенню 1944 года, калі адновяцца заняткі ў Масалянскай школе. Цяжкасці былі ва ўсім: не хапала падручнікаў, спецыялістаў, пісьмовых прылад - пісалі на радне. Паступова фарміраваўся настаўніцкі калектыў, з-за цясноты малодшыя класы займаліся ў будынку, узведзеным панам Біспінгам для састарэлых. Ужо з 1946 года ў Масалянах працуе сямігодка. У 1951 годзе ўзведзены другі будынак школы (праўда, усяго 4 класныя пакоі), а ў 1954 – адбыўся першы выпуск сярэдняй школы, сярод выпускнікоў гэтага года і быў будучы паэт, член Саюза пісьменнікаў СССР Іван Летка, кавалер ордэна “Знак пашаны”, намеснік начальніка ўпраўлення аграпрамысловага комплексу Аўдзейчык Іван Аляксеевіч; кандыдат эканамічных навук, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, кавалер ордэна “Знак пашаны” Мароз Міхаіл Адамавіч.
На працягу дзесяцігоддзяў школа славілася сваімі спартыўнымі і тэатральнымі дасягненнямі. Драматычны гурток школы быў адным з найлепшых у раёне. У 1956 годзе ім кіравала Данілава Ніна Міхайлаўна. Выступалі ў сваёй школе, суседніх вёсках, ездзілі са спектаклямі ў Бераставіцу. Не менш славіўся і школьны хор.
У 1959 годзе па ініцыятыве дырэктара школы Хомчыка У.В. пачынаецца будаўніцтва галоўнага корпуса школы сіламі саміх школьнікаў. Кіраваў будаўніцтвам мясцовы будаўнік-самавук Апон М.П. Пазней ён успамінаў: “Будаўнікамі былі  старшакласнікі. Яны працавалі з энтузіязмам, з вялікім жаданнем. Былі створаны 4 будаўнічыя брыгады. Дзеці ў школу прыходзілі ў рабочай форме. Кожная з брыгад тры дні вучылася, чацвёрты – працавала на будаўніцтве. Нягледзячы на цяжкасці, ніводзін вучань не пакінуў будаўніцтва да самага яго завяршэння. Школа была пабудавана праз два гады”.
Праходзілі гады, дзесяцігоддзі. Лёс многіх яркіх, цікавых людзей звязаны з Масалянскай школай. Тут у розныя гады вучыліся галоўны спецыяліст Міністэрства сельскай гаспадаркі Чыстая (Садаўнічая) Таццяна Уладзіміраўна; дырэктар аднаго з Мінскіх хлебакамбінатаў Садаўнічы Міхаіл Уладзіміравіч; галоўны ўрач ЦГіЭ Бераставіцкага раёна Ляпешка Іван Уладзіміравіч; дырэктар Макараўскай школы-сада Бераставіцкага раёна Гарчычка (Жалезная) Лідзія Аляксандраўна; выдатны гісторык і краязнавец , стваральнік  унікальнага музея мінералогіі пры Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна Калеснік Леанід Раманавіч; намеснік дырэктара Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Паплаўская (Рачыцкая) Галіна Адольфаўна; кавалер ордэна “Знак пашаны”, кандыдат эканамічных навук, член-карэспандэнт Беларускай інжынернай акадэміі Мароз Аркадзь Іосіфавіч; кандыдат сельскагаспадарчых навук Марцінчык Валянціна Васільеўна; кандыдат сельскагаспадарчых навук Марцінчык Мікалай Васільевіч; грамадскі і культурны дзеяч Марцінчык Мікалай Міхайлавіч; педагог і паэт, член Саюза журналістаў Станкевіч Канстанцін Канстанцінавіч  і многія іншыя.
Колькі таленавітых педагогаў шчодра аддавалі цеплыню і святло сваіх сэрцаў вясковым хлапчукам ды дзяўчаткам, рыхтуючы трывалую стартавую пляцоўку сваім выхаванцам для палёту ў вялікае самастойнае жыццё! З першага да апошняга дня сваёй працоўнай дзейнасці вучыла дзетак у пачатковых класах выдатнік народнай асветы Буча Марыя Апанасаўна. Шмат гадоў рыхтавала пераможцаў алімпіяд па біялогіі Ціунчык Аліна Іосіфаўна. З прыходам у школу настаўніцы гісторыі Майсюк Валянціны Уладзіміраўны актывізавалася пошукавая работа: былі напісаны летапісы школы і вёскі, праведзены этнаграфічныя экспедыцыі, сабраныя ў выніку якіх экспанаты далі магчымасць стварыць у школе этнаграфічны куток. З 1990 пачынаецца адраджэнне драматычнага гуртка Масалянскай школы, які праз некаторы час становіцца літаратурна – драматычным (у школе працуе сумеснае аб’яднанне “Паэтычная скарбонка”). Вось ужо шмат год масалянскія школьнікі радуюць сваімі пастаноўкамі аднавяскоўцаў і грамадскасць раёна, з поспехам выступаюць на абласной сцэне. За гэты час неаднаразова ставіліся п’есы як беларускіх драматургаў:  “Мікітаў лапаць” М.Чарота,  “Паўлінка” і “Прымакі” Я.Купалы, “А дзе ж непаседа?” Г.Каржанеўскай, “Трыбунал” А.Макаёнка, “Начаткі” паводле “Новай зямлі” Я.Коласа – так і рускіх аўтараў: “Класны журнал” В.Шыбаева, “Гэта ўсе мы” Г. Хабаравай -  у перакладзе на беларускую мову самімі ж гурткоўцамі. 

Интернет-ресурсы: